Тэма 11. ІНТАНАЦЫЯ ЯК ГУКАВАЯ ФОРМА ВЫКАЗВАННЯ. ВІДЫ ІНТАНЕМ

 

Інтанацыя – выразны сродак маўлення, які фарміруе стыль публічнага выступлення, дапамагае рытару пазбегнуць стамляльнай аднастайнасці ў прамове і пераканаць слухачоў. Вядомы драматург Бернард Шоу сцвярджаў, што ёсць 50 спосабаў вымавіць слова “так”
і 500 спосабаў – слова “не”, таму што сапраўдны сэнс сказанага заключаецца часам не ў саміх словах, а ў інтанацыі, з якой яны вымаўляюцца. На думку навукоўцаў, калі інтанацыя не адпавядае зместу прамовы, то не засвойваецца 30–40 % інфармацыі. Вядома звыш 20 тыпаў інтанацый, з дапамогай якіх можна перадаць розныя пачуцці і думкі. Арыстоцель папярэджваў выступоўцаў “пра значныя рэчы не казаць лёгка, а пра дробязі урачыста (у адваротным выпадку стыль здаецца жартаўлівым); пра рэчы ўхвальныя трэба гаварыць з захапленнем, пра рэчы, што выклікаюць спачуванні –з пакорай”.

Інтанацыя – складаная з’ява, яна ўключае ў сябе такія кампаненты, як тон голасу, інтэнсіўнасць гучання, тэмп прамовы, лагічны націск, паўзы.

Тон (ад грэч. tonos ‘напружанне, націск’) – гэта гук пэўнай вышыні (напрыклад, нізкі, высокі); а таксама адценне вымаўлення, голасу (напрыклад, змяніць тон, размаўляць на падвышаных танах).

Тэрмін “тон” мае шырокі спектр значэнняў. Тон гукаў маўлення залежыць ад вышыні галосных, санорных і звонкіх шумных зычных. Тон ствараецца не толькі тэмбрам або мелодыкай гучання, але і ўсім комплексам фанетычных сродкаў (тэмбр голасу, вышыня тону і яе рух у слове, працягласць націскнога галоснага, тэмп, гучнасць і інш.). Асноўны тон гуку – найважнейшы кампанент маўленчай інтанацыі – ствараецца як вынік вагання галасавых звязак. У выказванні можа быць мноства думак, некалькі відаў інтанацый, але асноўны тон адзін, і ён накладваецца на гучанне ўсіх астатніх інтанацыйных кампанентаў.

Выразныя магчымасці тону маўлення сапраўды бязмежныя. Гэта добра разумелі перадавыя навукоўцы XIX–XX стст., якія выступалі з бліскучымі лекцыямі. Яны ўмелі ствараць непаўторны меладычны малюнак маўлення. На думку пісьменніка В. В. Верасаева, “галоўная сіла” ўздзеяння судовых прамоў Ф. М. Плявакі заключалася ў інтанацыі, што немагчыма перадаць на паперы. А. Ф. Коні пісаў, што “ў гэтым голасе гучалі ноты такой сілы і страсці, што ён захопліваў слухача і пакараў яго сабе”.

Прамоўніцкая практыка перасцерагае ад манатоннасці, аднак гранічна высокі тон таксама стамляе слухачоў. Прамоўца, які прывык гаварыць на высокіх танах, нярэдка адчувае няўстойлівасць і слабасць уласнага голасу. Але і занадта нізкі тон прамоўцы раздражняе аўдыторыю, бо прымушае яе пастаянна напружвацца, прыслухоўвацца да сказанага.
У псіхалогіі існуе пункт гледжання, што занадта нізкі тон – паказчык недастатковай захопленасці і энергіі прамоўцы. У такім выпадку рытару неабходна пераадолець сваю ўнутраную пасіўнасць. Тут спатрэбіцца валявы пачатак, уменне праявіць характар. Каб дасягнуць мэты, трэба адчуць сябе энергічным і дзейным чалавекам. Аўдыторыя верыць такому прамоўцу і чакае закліку да дзеяння.

Са сказанага вынікае, што трэба надаваць прамове меладычную разнастайнасць.

Тон з’яўляецца галоўным сродкам для выражэння пачуццяў і намераў. Ён можа быць урачыстым і гнеўным, радасным і сумным, павучальным і сяброўскім. Калі прамоўца “зрокава” адчувае і перажывае паведамленне, добра разумее сваіх слухачоў, ён здолее выбраць правільную танальнасць гаворкі.

Важным кампанентам інтанацыі з’яўляецца інтэнсіўнасць гучання. Яна залежыць ад напружанасці і амплітуды вагання галасавых звязак. Тут назіраецца прама прапарцыйная залежнасць: гук тым больш інтэнсіўны, чым большая амплітуда вагання. Узровень інтэнсіўнасці бывае нізкім, сярэднім і высокім, яго адрозніваюць на слых. Узровень сілы гучання можа не змяняцца на працягу прамовы (роўны, спакойны голас), а кірунак і характар інтэнсіўнасці часта змяняюцца. Яны могуць павялічвацца або памяншацца.

У розных абставінах (трывога, радасць, сустрэча, расстанне і да т. п.) гэта можа адбывацца рэзка або плаўна. Пры ўзаемадзеянні тону і інтэнсіўнасці ўзмацняецца гучнасць гаворкі.

Гаварыць гучна можна толькі ў асаблівых сітуацыях. Напрыклад, вы развітваецеся са сваімі сябрамі, якія сыходзяць служыць у войска, на вакзале гучыць музыка, бесперапынны шум, вы стараецеся яго перакрыць сваім гучным голасам. Ці ваш таварыш увайшоў у вагон, а вы, застаўшыся на пероне, успомнілі, што неабходна сказаць яму нешта важнае, і гучна клічаце яго, інакш ён вас не пачуе. На мітынгавай плошчы, на парадзе таксама гучыць гучная гаворка. Але калі чалавек знаходзіцца дома, сярод сваіх сяброў, у кабінеце дырэктара, у аўтобусе, офісе або ў любым грамадскім месцы, то гучная гаворка недапушчальная: яна расцэньваецца як прымета нявыхаванасці чалавека, як праява празмернай нервовасці або імкнення таго, хто гаворыць, звярнуць на сябе ўвагу [14, с. 45].

Тэмп (ад лац. tempus ‘час’) – гэта хуткасць вымаўлення гукаў, складоў, слоў і ўсяго тэксту ў цэлым. Тэмп маўлення вымяраюць двума спосабамі: колькасцю гукаў або складоў, якія вымаўляюцца ў адзінку часу (напрыклад, у секунду) або сярэдняй працягласцю гуку (склада).

Аптымальны тэмп маўлення – каля 120 слоў у хвіліну. Адну старонку інфармацыйнага тэксту, надрукаванага праз паўтара інтэрвала, неабходна чытаць за дзве ці за дзве з паловай хвіліны. Несумненна, пры падрыхтоўцы да выступлення прамоўца павінен вызначыць уласны тэмп прамовы, абдумаць пытанне аб хуткасці, з якой будзе гаварыць. Поспех публічнай прамовы напрамую звязаны з тэмпам яе вымаўлення. “Якая гаворка лепш, хуткая або павольная?”– пытаўся вядомы адвакат П. Сяргеіч і слушна адказваў чытачу: “Ні тая, ні іншая; добрая толькі натуральная звычайная хуткасць вымаўлення, гэта значыць такая, якая адпавядае зместу гаворкі...”

Тэмп маўлення, вядома, залежыць ад індывідуальных асаблівасцей таго, хто гаворыць, яго характару, тэмпераменту, а таксама зместу  маўлення і сітуацыі зносін. Уявіце, што вам трэба будзе чытаць лекцыю спачатку перад вельмі саліднай і немаладой аўдыторыяй, а затым – перад студэнтамі. Вядома, што ўспрыманне ў людзей з узростам зніжаецца. Такім чынам, тэмп лекцыі для немаладых слухачоў павінен быць запаволеным. З такой аўдыторыяй трэба гутарыць, часцей задаваць пытанні, сумесна прыходзіць да пэўных перакананняў і высноў. Тон павінен быць уважлівым і спакойным. Перад моладзевай аўдыторыяй прамоўца павінен паўстаць энергічным і рашучым чалавекам, які адстойвае свой пункт гледжання па кожнай вылучанай праблеме. І тэмп прамовы ў моладзевай аўдыторыі будзе значна хутчэйшым, чым у выступленні перад пажылымі людзьмі. Лічыцца, што звычайны тэмп дыялагічнага маўлення –120–140 слоў у хвіліну.

Прамоўцу неабходна абраць такі тэмп прамовы, каб слухачы маглі засвойваць прапанаваную інфармацыю.

Аднак прамоўцу варта памятаць: чым больш цікавым, інфарматыўным з’яўляецца паведамленне, тым павольней варта яго прамаўляць, інакш яно не будзе засвоена аўдыторыяй. Самыя важныя часткі прамовы, дзе змяшчаецца доказ або абвяржэнне, нестандартнае рашэнне або парадаксальная спрэчная ідэя, трэба прамаўляць у запаволеным тэмпе. Звычайна ў запаволеным тэмпе вымаўляецца прысяга, урачыстае абяцанне, чытаецца судовы прысуд. Умелае змяненне тэмпу прамовы дапамагае выступоўцу падтрымліваць увагу аўдыторыі.

Змена тэмпу маўлення павінна быць матывавана. Яна заўсёды залежыць не толькі ад зместу выказвання, але і ад паказу канкрэтнай сітуацыі, эмацыйнага настрою таго, хто гаворыць. Параўнайце наступныя сказы:

  1. Цяпер трэба не засядаць, а браць зброю! Мы дамовіліся з арсенальнымі рабочымі, што яны падзеляцца з намі сваімі запасамі зброі. За мной!
  2. Другі дзень хадзіла – не магла нахадзіцца па кіеўскіх вуліцах Вера Паўлаўна, блытаючы іх новыя назвы і называючы па-старому, як трыццаць гадоў таму.
  3. А сёння з раніцы Вера Паўлаўна пайшла ў парк, што раскінуўся над дняпроўскімі кручамі і цягнуўся аж да Пячэрска; калісьці ён называўся Царскім садам.
  4. Якая ноч! Празрыста-блакітная...

Тэмп маўлення пры чытанні гэтых фраз вызначаецца іх зместам. Першы ўрывак гучыць як заклік да неадкладнага дзеяння, таму вымаўленне становіцца больш хуткім. Для другога і трэцяга прыкладаў характэрна павольнае апісанне дзеянняў, пейзажу. Чытаць такія тэксты трэба, расцягваючы вымаўленне гукаў, запавольваючы тэмп маўлення. У апошнім сказе лагічны цэнтр – складаны эпітэт празрыста-блакітная. Эмацыйнае запаволенне маўлення пры вымаўленні гэтых слоў дапамагае наглядна адлюстраваць тое, што апісваецца, інтанацыйна пазначыць яго працягласць і веліч.

Тэмп, як лакмусавая паперка, адлюстроўвае волю і пачуцці таго, хто гаворыць. Захопленасць, радасць, гнеў паскараюць тэмп прамовы, а роздум, прыгнечанасць запавольваюць яго.

З чым звязана неапраўдана павышаная хуткасць гаворкі ў моўцы? Ёсць шэраг прычын, якія прыводзяць да гэтай інтанацыйнай памылкі.

Часам у выступоўцаў-пачаткоўцаў з’яўляецца пачуццё нясмеласці перад аўдыторыяй – гэта натуральна. Гэта пачуццё можна пераадолець: грунтоўная падрыхтоўка да выступлення і псіхалагічны настрой – вось што пазбавіць ад празмернага хвалявання.

Другая прычына больш сур’ёзная: прамоўца не надае значэння таму,  што слухачы аказваюцца па-за яго поля зроку. Ён па сутнасці праяўляе абыякавасць да таго, што слухачы не паспяваюць сачыць за яго думкай. Гэта асабліва недапушчальна для судовага прамоўцы. Каб выпрацаваць пачуццё хуткасці ўласнай прамовы, варта запісваць свае выступленні пры падрыхтоўцы і з дапамогай секундамера выпраўляць заўважаныя недахопы.

Трэцяя прычына – дрэннае веданне матэрыялу выступу. Пра якія жывыя пачуцці ў голасе выступоўцы або эмацыйнае багацце яго прамовы можна разважаць у такім выпадку? Прамоўца спяшаецца хутчэй пакінуць трыбуну, і гэта выяўляецца ў паскораным тэмпе вымаўлення гаворкі.

Калі ж прамоўца запаўняе гаворку пустаслоўем, паўзамі, альбо наборам бясконцых “так бы мовіць”, “вось”, “значыць”, тэмп запаволены.

Неабходна ўлічваць працягласць гучання асобных слоў. Хоць склад і з’яўляецца адзінкай гучання, але яго нельга разглядаць нават часовай адзінкай гаворкі. Склад можа гучаць і коратка, і доўга. Час звязаны з тымі пачуццямі, якія выяўляюцца ў прамове. Працягласць гучання можа паказваць не толькі на значэнне слоў у фразе, але і на глыбіню перажывання. Прамоўца імкнецца перадаць глыбокае хваляванне і затоеныя пачуцці. Гэтаму дапамагае расцягнутае гучанне асобных слоў маўлення.

Ацэньваючы тэмп маўлення, важна вытрымліваць залатую сярэдзіну. Сустракаюцца людзі, якія заўсёды гавораць вельмі хутка. Пра іх можна сказаць: “Тысяча слоў у хвіліну”. Гэта недапушчальна ў практыцы прамоўцы, таму што хуткая гаворка стамляе і раздражняе аўдыторыю. Запаволеная гаворка таксама з’яўляецца буйным недахопам (“Кажа, як ваду цэдзіць”). Зразумела, што кожнаму прамоўцу неабходна знайсці свой аптымальны тэмп гаворкі, умець гнутка і лагічна змяняць яго, пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства.

Важную функцыю ў прамоўніцкім выступленні выконвае лагічны націск – вылучэнне голасам таго слова ў фразе, якое мае асаблівую семантычную або эмацыйную значнасць. Калі фанематычны націск служыць для вылучэння асобнага склада ў слове, то лагічны вылучае цэлае слова. Лагічны націск з’яўляецца інтанацыйна-выразным сродкам маўлення. У залежнасці ад мэты выказвання лагічны націск можа перамяшчацца ў межах адной і той жа фразы. Слова, значнае па сэнсе, можна вылучыць павышэннем або паслабленнем сілы галасу, паўзай, змяненнем асноўнага меладычнага ладу фразы.

У залежнасці ад пераносу лагічнага націску з аднаго слова на іншае змяняецца і сэнс выказвання. Напрыклад, фраза Іваноў мае вышэйшую філалагічную адукацыю можа мець тры розныя сэнсы ў сувязі з пераносам націску: 1) Іваноў (а не нехта іншы) мае вышэйшую філалагічную адукацыю; 2) Іваноў мае вышэйшую (а не сярэднюю) філалагічную адукацыю; 3) Іваноў мае вышэйшую філалагічную (а не якую-небудзь іншую) адукацыю. Пасля кожнага націскнога слова заўсёды ідзе паўза. Дзякуючы ёй націскное слова падкрэсліваецца і вылучаецца. Неабходна памятаць, што не існуе дакладных правіл расстаноўкі лагічных націскаў. Прамоўца павінен арыентавацца на сваё моўнае чуццё і лагічны бок гаворкі. Заўсёды трэба памятаць пра значнасць кантэксту, таму што кожная асобная фраза падпарадкавана кантэксту, з’яўляецца яго будаўнічым матэрыялам. Напрыклад, у сказе Вадалаз працягнуў руку і адкрыў люк” лагічны націск можна паставіць на словах руку і люк. Але з пашыранага кантэксту мы атрымліваем дакладную інфармацыю: лагічны націск павінны вылучыць дзеяслоў: нягледзячы на глыбокую рану, вадалаз працягнуў руку і адчыніў люк.

У вусным маўленні кожны асобны сказ дзеліцца на сэнсавыя групы, якія складаюцца з аднаго або некалькіх слоў. Такія маўленчыя адзінкі называюцца маўленчым тактам, або сінтагмай.

Сінтагма – гэта сукупнасць двух (некалькіх слоў і (або) фразеалагізмаў), якія аб’ядноўваюцца адзін з адным на аснове семантыка-граматычных правіл спалучальнасці. Маўленчы такт можа складаць групу дзейніка, групу выказніка, некалькі акалічнасных слоў і да т. п. Словы ўнутры маўленчага такта вымаўляюцца як адно цэлае.

У паняцце інтанацыі ўваходзіць і паўза (ад лац. pausa ‘спыненне, прыпынак’) – часовы прыпынак гучання, абумоўлены шэрагам прычын. Для прамоўцы і слухачоў важная перш за ўсё  лагічная паўза, якая адлюстроўвае сэнс выказвання. Словы аб’ядноўваюцца ў групы або словазлучэнні дзякуючы сэнсавым сувязям. З якіх сэнсавых адзінак складаецца, напрыклад, такі сказ: Непрыкметна шхуны і фрэгаты знікаюць у шчыльным тумане”. У гэтым сказе можна вылучыць такія сэнсавыя групы:

1) шхуны і фрэгаты знікаюць – гэта сувязь двух дзейнікаў і выказніка; астатнія словы аб’ядноўваюцца па сэнсе вакол выказніка;

2) непрыкметна знікаюць;

3) знікаюць у тумане;

4) знікаюць у шчыльным тумане. Вылучым маўленчыя такты ў гэтым сказе:

Непрыкметна / шхуны і фрэгаты / знікаюць у шчыльным тумане.

У вусным маўленні кожны маўленчы такт аддзелены ад іншага прыпынкамі рознай працягласці – лагічнымі паўзамі. Менавіта паўзы дапамагаюць дакладнай перадачы сэнсу фразы.

Колькасць слоў у кожным такце можа быць рознай, у залежнасці ад таго, як размяркоўваюцца лагічныя паўзы. Дакладна вызначаючы месца сэнсавых паўз, трэба памятаць, што ў рускай мове словы аднаго словазлучэння ў сказе не заўсёды стаяць побач. Так, у нашым прыкладзе  словазлучэнне “непрыкметна знікаюць” падзелена дзейнікамі “шхуны і фрэгаты”. Сэнс сказа становіцца зразумелы, калі ў нашай свядомасці ясна вызначаюцца як цэлыя словазлучэнні, так і іх часткі.

Акрамя лагічных паўз, у тэорыі публічнай прамовы вылучаюць псіхалагічныя паўзы. Псіхалагічная паўза стварае эмацыянальнае тлумачэнне тэксту, вылучае дадатковыя адценні паведамлення. Такая паўза заўсёды звязана з падтэкстам гаворкі. Прызначэнне яе становіцца яснейшым пры параўнанні з паўзай лагічнай. Спашлёмся на заўвагу К. С. Станіслаўскага: “У той час як лагічная паўза механічна фарміруе такты, цэлыя фразы і тым дапамагае высветліць іх сэнс, псіхалагічная паўза дае жыццё думцы, фразе і такту, стараючыся перадаць іх падтэкст. Калі без лагічнай паўзы гаворка непісьменная, то без псіхалагічнай яна нежыццёвая. Лагічная паўза пасіўная, фармальная, бяздзейная; псіхалагічная – абавязкова заўсёды актыўная, багатая ўнутраным зместам. Лагічная паўза служыць розуму, псіхалагічная – пачуццю.

Псіхалагічная паўза не падпарадкоўваецца законам лагічнага дзялення тэксту. Яна можа апынуцца там, дзе лагічна і граматычна немагчыма зрабіць прыпынак. У фільме “Чапаеў” разгневаны камдзіў пытаецца ў камісара: “Хто тут гаспадар? Ты ці я?!” І чуе ў адказ: “Ты і... Я!” Псіхалагічная паўза дапамагае “астудзіць” гарачага Чапая, нагадаць яму пра памочніка. Камісар адказвае стрымана. Здавалася б, злучнік “і” не дапускае пасля сябе прыпынкаў, але псіхалагічная паўза не падпарадкоўваецца ніякім законам, а ёй падпарадкоўваюцца ўсе без выключэння законы маўлення.

Інтанацыйна сінтаксічныя паўзы звычайна адпавядаюць знакам прыпынку ў пісьмовай мове: кропка паказвае на самую доўгую паўзу, а коска – на кароткую.

Паўзы на працяжнік звычайна бываюць значнымі, з вялікай псіхалагічнай нагрузкай. Гэты знак асабліва распаўсюджаны ў экспрэсіўнай гаворцы, і толькі кантэкст дапамагае даць яго правільную інтэрпрэтацыю. Характэрнай рысай бяззлучнікавых складаных сказаў у вусным маўленні з’яўляецца абавязковая паўза паміж паясняльнай і паясняючай часткай. Вельмі часта двукроп’е выкарыстоўваецца як знак, які аддзяляе аўтарскі тэкст ад простай мовы. Паўза ў гэтым выпадку меншая, чым на двукроп’е ўнутры сказа. А. П. Чэхаў назваў знакі прыпынку “нотамі пры чытанні”.

Акрамя разгледжаных намі паўз, існуюць і іншыя: моўца часам перапыняе гаворку, каб удыхнуць паветра. Гэта фізіялагічныя паўзы. На думку спецыялістаў, іх варта рабіць праз 10–15 слоў. Гэта стварае плаўнасць маўлення, дазваляе трымаць яго ў межах сярэдняга тэмпу. Нявыгаднай для прамоўцы і непрыемнай для слухачоў становіцца сітуацыя, калі фізіялагічныя паўзы не супадаюць з лагічнымі, псіхалагічнымі. Калі чалавек пакутуе на задышку, з цяжкасцю прамаўляе словы, то з-за недарэчных фізіялагічных паўз знікае эфект яго публічнага выступу. Прамоўца павінен ведаць аб разнавіднасцях паўз, іх функцыях і пра тое, як імі карыстацца [14, с. 234].